Былы бабруйчанін, гісторык Ігар Мельнікаў прэзентуе ў Бабруйску кнігу «Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.».

2599
Алена ІВАНОВА.
Гэта ўжо другая кніга нашага земляка, рэдактара беларускай версіі сайта istpravda.ru і, дарэчы, аўтара многіх артыкулаў на гістарычную тэму, у тым ліку пра Бабруйск, з якімі знаемыя чытачы і cайта «Вячоркі» (гл. рубрыку «Гісторыя»).

Ігар Мельнікаў. Ігар Мельнікаў.

— Выданне прысвечана аналізу гісторыі савецка-польскага памежжа ў міжваенны перыяд, — расказвае сам Ігар Мельнікаў пра сваю кнігу «Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.». — Акрамя гэтага ў кніге вялікая ўвага надаецца гісторыі Заходняй Беларусі, працэсу стварэння савецкіх абарончых умацаванняў на мяжы з Польшчай пад Мінскам, падзеям уз’яднання заходнебеларускага рэгіёну з БССР у верасні 1939 года, а таксама гераічнай абароне Заслаўя ў чэрвені 1941 года. Асобная глава кнігі прысвечана аналізу «белых плям» у гісторыі Другой Сусветнай вайны. Нарэшце, апошні раздзел знаёміць чытачоў з малавядомымі старонкамі мінуўшчыны Беларусі (у тым ліку горада на Бярэзіне, ў прыватнасці, і Бабруйшчыны ў цэлым) і цікавымі фактамі з жыцця людзей, якія залатымі літарамі ўпісалі свой лёс у гістарычны летапіс нашай краіны.

Кніга напісана на падставе шматлікіх дакументаў з архіваў Беларусі, Польшчы, Расіі і іншых краін, успамінаў сведкаў эпохі і матэрыялаў з асабістай калекцыі аўтара.

Прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава «Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.» адбудзецца 23 кастрычніка ў 18.00 ў тайм-клубе «1387» (гатэль «Бабруйск», вул. Савецкая, 97-2) у рамках заняткаў «Мова нанова».

На прэзентацыі ўсе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з аўтарам, задаць яму любыя пытанні па гісторыі Заходняй Беларусі, убачыць унікальныя фатаздымкі і дакументы з архіва аўтара і набыць кнігу з аўтарскім аўтографам.