Слоўнічак з нагоды
Бельчык — невялікая кадачка з накрыўкай, што заціскалася паміж вушак папярэчынай і прыстасаванай да яе гнутай ручкай.
Жлукта — кадушка на ножках для запарвання бялізны.
Імбрычак — чайнік для заваркі.
Кальчак — калатоўка.
Карэц — берасцяны або драўляны коўш.
Келіх — чаша.
Конаўка — крынка.
Кубел — бочка з крышкай.
Кузоб — берасцяны кош.
Куфа — кадка, чан.
Ліпаўка — кадушка для мёду.
Лубка — кошык.
Падсітак — рэшата.
Суднік — паставец для посуду.
Сцізорык — нож-складанчык.
Між тым, у беларускай мове ёсць і другая назва гэтага посуду — патэльня. Памятаеце, у Якуба Коласа ў “Новай зямлі”:
“Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні…”
І празаік Іван Шамякін пісаў: “Стол… сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам”.
Патэльню ставілі ў печ і даставалі адтуль ёмкай, якую мая маці ў маім дзяцінстве называла чапялой. Наш зямляк пісьменнік Платон Галавач так узгадваў пра гэту прыладу: “Дзядзіна… пякла аладкі, нервуючыся бразгала праз меру моцна аб прыпечак ёмкаю і патэльняй”. З металічнага посуду абавязкова былі яшчэ чыгункі розных памераў, якія ставіліся на агонь ухватамі. “А чыгунок, бы пан пузаты, кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята”, — пакінуў нам назіранне ўсё той жа Якуб Колас. Бляшанай або меднай была яшчэ кружка. Усё астатняе ў наборы кухоннага посуду было драўляным і гліняным.
Гаршкі, міскі, гарлачы, збаны, лыжкі, рашоты, дзежачкі, біклажкі захоўваліся ў спецыяльным пастаўцы, што выконваў і ролю кухоннага стала. У сенцах і ў кладоўцы трымаліся некалькі бочак — для вады, заквашвання капусты і буракоў, карыты для шынкавання капусты,кармлення жывёлы, ночвы для прасейвання мукі і мыцця бялізны, вёдры з каромыслам, кошыкі з луба і інш. Маленькі гаршчок меў назву варэйкі. Гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая ўверсе, у якой звычайна цёрлі мак, ільняное і канаплянае семя, называлася макатрай. Чыгунны кацёл для стравы меў назву саган, а каструля з доўгай ручкай – рондэль. Збан без ручкі — гладыш, а нізкая гліняная пасудзіна з выпуклымі бакамі і вузкім горлам — гляк, глечык. З драўлянага посуду трэба адзначыць яшчэ барылу — невялікую бочачку для напіткаў, што з двух бакоў мела донцы і дзірку збоку; і сальніцу — невялікую пасудзіну для трымання солі.