У 1940-м годзе выходзілі і такія газеты...
«Праўды»
Раней галоўнай савецкай газетай была, безумоўна, «Правда», ад якой адпупышкаваліся «органы» з аналагічнымі назвамі ў кожнай савецкай рэспубліцы і, адпаведна, у кожным іх краі, вобласці і шэрагу раёнаў. Не была выключэннем і Беларусь. Сёння аб гэтым нагадваюць захаваныя класічныя «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Мінская праўда» і «Могилевская правда», а таксама «Астравецкая праўда», «Дзвінская праўда» у Верхнядзвінску і «Дняпроўская праўда» у Дуброўне, «Полесская правда» у Пінску, «Прыпяцкая праўда» у Нароўлі і «Сельская праўда» у Жабінцы. Зразумела, у кожнага выдання на старонках свая праўда — у каго абласная, у астатніх раённая.
«Веснікі»
Сёння ў нашай краіне самае распаўсюджанае газетнае імя — «Веснік» у розных варыяцыях: «Ашмянскі…», «Гарадоцкі…», «Горецкий…», «Драгічынскі…», «Івацэвіцкі…», «Кобрынскі…», «Крупскі…», «Ляхавіцкі…», «Пінскі…», «Полацкі…», «Слонімскі…», «Чачэрскі…» і «Раённы веснік» у Чэрвені. А яшчэ «Веснік Глыбоччыны», «Вестник Могилева» і «Веснік Чэрыкаўшчыны».
«Краі»
Вельмі распаўсюджанымі сталі ў нас газетныя назвы з выкарыстаннем слова «край». Лагатыпы з ім упрыгожваюць добры дзясятак раённых выданняў: «Асіповіцкі край», «Добрушскі край», «Іўеўскі край», «Край Смалявіцкі», «Лепельскі край», «Наш край» (Баранавічы), «Пастаўскі край», «Прысожскі край» (Слаўгарад), «Родны край» (Лагойск), «Слуцкі край». Але ж мы не Расея — ад Волгі да Енісея, і Мінская вобласць — далёка не Краснаярскі край, таму тры «краі» на медыйнай Міншчыне, як падаецца, гэта занадта.
«Навіны»
Цікава даведацца аб навінах у рэгіёнах. Адкрыем, напрыклад, нумар «Лунінецкіх навін»: «МАЗ плануе паказаць новы школьны аўтобус увосень 2015 года» — цікава! А давайце пачытаем «Пухавіцкія навіны»: «МАЗ плануе паказаць новы школьны аўтобус…» — менш цікава. Бяром нумар «Міёрскіх навін»: «МАЗ плануе паказаць…» — і далей па ўжо вядомаму тэксту. Інфармацыя агенцтва БелТА, як правіла, будзе паўторана яшчэ ў дзясятку рэгіянальных «Навін» — на Камянеччыне, Светлагоршчыне, Старадарожчыне, у Століне, Калінкавічах, Петрыкаве, Жодзіне і Нясвіжы.
«Галасы» ды «Зоры»
Наступныя па папулярнасці ўжывання ідуць у назвах беларускіх газет словы «голас» і «зара». Першае без мудрасці выкарыстана ў раёнках Веткаўшчыны, Касцюкоўшчыны, Любаншчыны, Расоншчыны і Сенненшчыны. Яно ж крыху абыграна ў Ельску — «Народны голас» і Маларыце — «Голас часу». Да іх можна дадаць сінанімічныя «Кліч Радзімы» з Шаркаўшчыны, «Народнае слова» з Віцебска і «Свабоднае слова» з Рагачова.
Адразу дзве «Зары» — проста «Заря» і «Заря над Бугам» – зафіксаваны ў абласным Брэсце, меншая па маштабах, але таксама «Зара» ззяе ў Бешанковічах. Астатнія, як і трэба, асвятляюць найбольш знакамітыя берагі: «Зара над Друццю» (Бялынічы), «Нарачанская зара» (Мядзель), «Зара над Нёманам» (Масты), «Зара над Сожам» (Карма). Дапасаваць да гэтых выданняў можна «Прамень» са Стоўбцаў і «Чырвоны прамень» з Чашнікаў.
Да гэтай катэгорыі гукава-светлавых назваў трэба аднесці, на мой погляд, і «Маякі»: у нас яны дагэтуль свецяць у Брагіне — «Маяк Палесся», Быхаве — «Маяк Прыдняпроўя», Бярозе і Гомелі.
«Сцягі» ды «Шляхі»
Прыкметна паменшала сення сімвалаў перамаганоснага руху ды і шляхі, па якіх раней ішлі наперад, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Трэба меркаваць, у моцных руках пакуль застаюцца «Сцяг Саветаў» на партызанскай Клічаўшчыне, «Чырвоны сцяг» на аддаленай Краснапольшчыне і «Сцяг перамогі» на лясной Ліёзненшчыне. Упэўнена адчуваюць сябе пакуль вілейскі «Шлях перамогі», смаргонскі «Светлы шлях» і хоцімскі «Шлях Кастрычніка».
Падмацаваныя прыкладам цэнтральнай газеты, своеасаблівымі пуцяводнымі зоркамі ў моры прэсы асобных раёнаў застаюцца «Браслаўская звязда», «Чырвоная звязда» на Іванаўшчыне і «Чырвоная зорка» на Уздзеншчыне.
«Праца» ды «Жыцце»
На шчасце, ніякія перамены не змяншаюць імкнення творцаў друкаванага слова славіць людзей працы. Аб гэтым нават назвы газет сведчаць: «Герой працы» (Шуміліна), «Да новых перамог» (Клецк), «Перамога» (Дзятлава), «Праца» (Зельва), «Працоўная слава» (Валожын), «Трыбуна працы» (Бабруйск) і некаторыя іншыя. Прычым, у лагатыпах асобных з іх робіцца акцэнт на тых, хто бліжэй да зямлі — «Прыдняпроўская ніва» (Магілёў) і «Родная ніва» (Клімавічы).
Іншыя падыходзяць да паказу сучаснасці шырэй, што не хаваюць і ў прынятых на сябе імёнах. Да прыкладу, «Бабруйскае жыццё», «Жыццё Палесся» у Мазыры, «Жыццё Прыдзвіння» у Віцебску, «Крычаўскае жыццё», «Новае жыццё» у Навагрудку, «Светлае жыццё» у Лельчыцах, «Сельскае жыццё» у Круглым. Сюды ж трэба аднесці выданні з літаральна «новымі» назвамі — жыткавіцкае «Новае Палессе» і жлобінскі «Новы дзень».
Што было, то і ёсць…
Не ўсе рэдакцыйныя калектывы пагналіся наўздагон за імклівым часам. Найбольш трывалыя ў ідэалагічным сэнсе застаюцца прыхільнікамі атрыманых пры нараджэнні выданняў імён: «Кіравец» (Кіраўск), «Савецкае Палессе» (Ганцавічы), «Савецкая вёска» (Дрыбін), «Святло Кастрычніка» (Мсціслаў), «Серп і молат» (Лоеў), «Чырвоны Кастрычнік» (Акцябрскі). А ёсць такія, што палічылі лепшым новым добра забытае старое. Абласныя «Гомельскія ведамасці» і «Магілёўскія ведамасці» першымі паказалі прыклад, вярнуўшы сабе назвы губернскіх часоў. А потым без меры ўхапіліся за гэту ідэю іншыя: «Аршанская газета», «Бераставіцкая…», «Воранаўская…», «Лідская…», «Маладзечанская…», «Свіслацкая…», «Новая газета» у Наваполацку.
Крэатыву!
На фоне невысокага палёту творчай думкі даволі крэатыўна ўспрымаюцца сёння назвы ў адзіночным, што называецца, ліку: «Авангард» у Буда-Кашалёве, «Бярэзінская панарама» (Беразіно), «Віцебскі рабочы», «Дзянніца» у Шчучыне, «Дняпровец» (Рэчыца), «Единство» у Барысаве, «Зямля і людзі» у Магілёве, «Народная трыбуна» (Брэст), ваўкавыскі «Наш час», «Наша Талачыншчына», «Патрыёт» ва Ушачах, «Перспектива» (Гродна), «Полымя» у Карэлічах і «Іскра» у Чавусах, «Раённыя будні» у Пружанах, глуская «Радзіма», «Родныя вытокі» у Докшыцах, гомельскі «Советский район», «Ударны фронт» у Шклове, «Шахцёр» (Салігорск).
І зусім эксклюзіўна выглядаюць вядомыя газеты «Витьбичи» у паўночнай сталіцы нашай краіны і «Прысталічча» у афіцыйнай. Настолькі эксклюзіўна, што камп’ютар нават падкрэсліў гэтыя словы чырвоным…