Праца не мёд: як на Беларусi займалiся пчалярствам

2786
Аляксандр КАЗАК, які мёд не толькі еў, але і піў, а па вусах не цякло.
У паэме Якуба Коласа “Новая зямля” ёсць цэлы раздзел, што называецца “Падгляд пчол”. Ён апавядае якраз пра час пасля так званага мядовага Спаса: Пчала аб мёду меней дбае, І спожыць ёй ужо не тая; Таксама ж вуллі не пустыя: Раі ўздужалі маладыя І мёду трохі нанасілі.

Менавіта ў сярэдзіне жніўня адбываліся выразка мёду, падрыхтоўка вулляў да зімы з падгонкай уваходаў і канапачаннем шчылін у іх, што насіла назву падгляда пчол. Вось як аб гэтым пісаў наш пясняр:

Дык вось кумоў і запрасілі 

На гэты дзень падгледжваць пчолы.

Дзянёк быў ціхі і вясёлы,

Мужчыны зранку падгалілісь,

Зусім-такі падмаладзілісь,

У ночвах голавы памылі,

І вусы спрытна падкруцілі,

Ды мылам іх пашаравалі,

Каб выдатней яны стаялі.

Акрамя падгляду пчол, аматараў паласавацца бурштынавай смакатой, здабытай уласнай працай, чакала нямала клопатаў. У старажытнасці іх вельмі добра ведалі на нашай Бабруйшчыне, бо нават у назвах вёсак Вялікія і Малыя Бортнікі замацаваны гэты факт. Нашы папярэднікі-землякі прама ў елках і соснах выдзёўбвалі “памяшканні” пад назвай борцяў для пчол, якія прыляталі ў іх і сяліліся накшталт дзікіх супляменніц у дуплах. Ніякага догляду амаль не патрабавалася, як толькі сабраць у канцы лета мёд і падмесці ўвесну борці ад рэшткаў загінуўшых пчол. Праўда, рабілі старажытныя пчаляры-бортнікі яшчэ абарону ад канкурэнтаў-мядзведзяў у выглядзе вострых яловых калкоў-шпілек, што насілі назву “падкура” або “корваці”.

Потым, па меры знішчэння бароў і лясоў увогуле, пачалі земцы-пчаляры замест борцяў вырабляць іх падабенства – калоды, якія таксама ўсталёўвалі на вялікіх дрэвах адразу па некалькі. Калі калоду выдзёўбвалі з дапамогай пілы, сякеры і долата-пяшні з аднаго канца, робячы нахільную паверхню-пяту ўнутры, то яе называлі “касяком”. Калі ж выдзёўбвалі яе з абодвух канцоў з наступным закрываннем іх круглымі дошачкамі, гэта ўжо быў “сквазняк”. Дошачка, што закрывала верх калоды, называлася галавою, у яе адны ўстаўлялі дзве палачкі – “знозы”, іншыя – дошачку“-грэнку”, якія служылі для замацавання пчалінага гнязда.

Слоўнічак з нагоды
Борць – дрэва з выдзеўбаным дуплом і падкурам.
Земцы – старажытныя пчаляры.
Касяк – калода-вулей, зробленая ў цэлым куску дрэва.
Корваць – прыстасаванне на борці ў выглядзе вострых шпілек супраць мядзведзяў.
Напорск – мядовы адвар для прыцягнення пчол у калоду.
Падкукаць – прывесці калоду ў належны стан.
Падкур – тое ж самае, што і корваць.
Сквазняк – калода-вулей, зробленая ў выдзеўбаным наскрозь куску дрэва.
Стойла – вялікае дрэва, на якім мацаваліся калоды.
Стрэмя – падстаўка, па якой узбіраліся на падкур.

Раней не асабліва сачылі за пчоламі ў час іх раення. Таму нярэдка яны пакідалі свае і садзіліся ў чужыя калоды, часам на вялікай адлегласці. Каб прывабіць раі, земцы падкуквалі свае калоды, прыбіралі іх, апрацоўвалі напорскам, падстаўлялі ў галаве іх кускі “сушы” – здаровых сотаў. Нягодныя, цвілыя соты, наадварот, убіраліся, вычышчаліся. З цягам часу, калі і вялікіх дрэў стала менш, пчаляры пачалі звозіць калоды бліжэй да дому, каб лепш кантраляваць раі, даглядаць карысных насякомых.

Так з”явіліся першыя пчальнікі-пасекі. Калі былі лес ці хаця б невялікія зарасці, месца для пчальніку выбіралася на ўскрайку ці сярод хмызу, прычым яно расчышчалася з пакіданнем пасярод купкі бяроз, дубоў, ліп ці рабін і агароджвалася праслам. Пад пакінутымі дрэвамі ўладкоўваліся калоды, ставілася будка ці хатка пчаляра. Калоды ў стаячым становішчы называліся “стаякамі”, у ляжачым – “лежакамі”. Пазней пчальнікі пачалі размяшчаць у садах і агародах, каля гумна. Але заўсёды ў ранейшыя часы даглядаў пчол адзін са старэйшых і вопытных членаў сям”і. Таму праца яго была ахутана таямніцай, якіх шмат звязана з пчалярствам увогуле.

 

* * *

14 жніўня адзначаецца Мядовы Спас, якім пачынаецца самы кароткі з усіх праваслаўных пастоў, які доўжыцца ўсяго два тыдні, - Успенскі.