У Бабруйску ідзе збор подпісаў за папулярызацыю беларускай мовы

2457

У Бабруйску актывісты грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы» (ТБМ) праводзяць збор подпісаў пад зваротам да гарадскіх уладаў аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы. Аб гэтым паведаміў актывіст ТБМ і арганізатар збору подпісаў Віктар Маліноўскі.

«Так адбылося, што ўсе мы, жыхары сучаснага Бабруйска, з'яўляемся носьбітамі рускай мовы. Але мы разумеем, што беларуская мова — гэта наша самая вялікая каштоўнасць, мова нашых продкаў. Без яе рэальнай, а не дэкаратыўнай прысутнасці ў нашым жыцці мы маем скалечаную рэчаіснасць. Клопат аб яе захаванні і развіцці — адзін з ганаровых абавязкаў кожнага грамадзяніна Беларусі», — працытаваў зварот Маліноўскі.

Паводле яго слоў, цяпер у Бабруйску ўсе праявы беларускасці, якія мелі месца пры падрыхтоўцы горада да «Дажынак» 2006 года, ужо знішчаны. Як сведчыць ініцыятар збору подпісаў, у сённяшнім Бабруйску няма ні школ, ні класаў з беларускай мовай навучання.
Разам з тым ён не згодны, што беларуская мова ў Бабруйску поўнасцю выкаранена.

«Гаварыць аб выкараненні можна, калі не стане апошняга носьбіта беларускай мовы, але носьбітаў дабаўляецца з кожным годам. У бібліятэках, у музеі ўсё больш-менш па-беларуску. Проста гэта праблема, павешаная на плечы энтузіястаў. І калі што і ёсць у дзяржаўных справаздачах, то толькі дзякуючы таму, што энтузіясты працуюць у краязнаўчым музеі, у бібліятэчнай сістэме, у сістэме адукацыі», — сцвярджае Маліноўскі.

Актывісты заклікаюць змяніць афармленне таблічак з назвамі вуліц, якія выконваюцца толькі па-руску, выкарыстоўваць беларускую мову ў афармленні Палаца шлюбу, які рамантуецца, і ў запланаванай да хуткага адкрыцця карціннай галерэі, а таксама на банерах сацыяльна-патрыятычнай тэматыкі.

На думку членаў ТБМ, неабходна, каб у беларускамоўных фанаграмах, што выкарыстоўваюцца ў аўтобусах і тралейбусах Бабруйска, былі запісаны галасы спецыялістаў-філолагаў або акцёраў мясцовага Драматычнага тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча. У цяперашнім гучанні фанаграм у грамадскім транспарце, паводле слоў Маліноўскага, мноства лексічных і фанетычных памылак.

Ініцыятары звароту спадзяюцца, што іх прапановы будуць разгледжаны выканаўчай уладай горада і пасадзейнічаюць таму, што Бабруйск зменіць «свой пустадомны воблік» і сітуацыя з беларускай мовай зменіцца ў лепшы бок. Разам з тым, як мяркуе Маліноўскі, каб вырашыць моўную праблему ў Беларусі, неабходна змяніць дзяржаўную палітыку.

Накіраваць звароты з подпісамі ў Бабруйскі гарвыканкам актывісты маюць намер на працягу тыдня.

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ, БелаПАН.