Хрыстос Уваскрос! Вiншаванне з велiкоднымi святамi

5080
Юры Быкаў, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску,ксёндз-магістр.

Гэты святочны велічны вокліч будзе гучаць гэтымі днямі ва ўсіх краінах свету. Бог абвясціў нам радасную таямніцу нашага збаўлення і дар новага, пазначанага свабодай, жыцця ў Хрысце.

Падзея ўваскрашэння Езуса Хрыста стала цэнтральнай з усяго таго, што ўчыніў Бог. Усе Яго дзеянні, пачынаючы ад стварэння свету, былі дзеля гэтага дня — моманту ўваскрасення Хрыста. Падобна таму, як пад час стварэння свету Бог аддзяліў святло ад цемры, так дзякуючы таямніцы ўваскрасення жыццё аддзялілася ад смерці. Уваскрасенне Езуса Хрыста — гэта яго перамога над грахом, злом і смерцю, якая споўнілася ў імя бязмежнай любові Бога да чалавека.

Няхай гэтая Пасхальная  праўда, якая стала фундаментам хрысціянскай веры, ажыўляе нашую надзею ў прысутнасць Езуса Хрыста сёння сярод нас. Няхай Уваскрослы Хрыстус будзе крыніцай хрысціянскай  мужнасці, каб мы не баяліся, але смела перамагалі ў нашым жыцці і паводзінах усялякія цяжкасці і перашкоды, памятаючы аб тым, што любоў мацнейшаяя за ўсялякае зло, а жыццё перамагае смерць.

Такія мае пажаданні вам, да якіх далучаю і сваё благаслаўленне.

Юры Быкаў, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску,ксёндз-магістр.

Расклад набажэнстваў у касцёле:

Вялікі чацвер, 5 красавіка, 18.00 — святая Імша.

Вялікая пятніца, 6 красавіка, 18.00 — інсцэніраваны Крыжовы шлях, падрыхтаваны моладдзю парафіі.

18.30 — Літургія Мукі Пана.

Вялікая субота,7 красавіка, 22.00 — Пасхальная Вігілія.

Вялікодная нядзеля, 8 красавіка — Урачыстасць Змёртвыхпаўстання.

7.00 — рэзурэкцыйная працэсія і святая Імша.

Пасвячэнне страваў на вялікодны стол адбудзецца ў суботу а 11.00, 12.00 і а 13.00 гадзінах, пасля Пасхальнай Вігіліі і пасля нядзельнай святой Імшы.