Аляксей Ненадавец з новай кнігай.
Аўтар высветліў, што амаль палова працуючых на бабруйскіх прадпрыемствах і ва ўстановах у 1922 годзе была … кіраўнікамі.
Вядомы беларускі фалькларыст і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры грамадскіх дысцыплін Бабруйскага філіяла БДЭУ Аляксей Ненадавец выдаў ужо больш за 40 кніг. А нядаўна з-пад яго пяра выйшла яшчэ адна — «Летапіс горада на Бярэзіне». Аб ёй мы і гутарым.
— Аляксей Міхайлавіч, як з’явілася задума напісаць такую кнігу?
— «Летапіс горада на Бярэзіне» — гэта працяг першай часткі кнігі пад такой жа назвай, якая выйшла ў 1995-м годзе ў выдавецтве «Вышэйшая школа» паўтаратысячным тыражом. Гэта была першая такая кніга ў рэспубліцы, яе выданне спансіраваў гарвыканкам, якім кіраваў тады Уладзімір Фёдаравіч Раманоўскі. Спачатку думаў, што працягваць яе не буду, бо неяк не ляжыць у мяне душа да савецкага перыяду. Але паступова збіраліся матэрыялы, фотадакументы. Ну, а калі іх назбіралася, рашыў, што можна зрабіць кнігу. Выдаў усяго 100 экземпляраў за ўласны кошт у Чарнігаве, бо там трохі танней. Увогуле ж, цэны на выдавецкую прадукцыю зараз вельмі і вельмі высокія. Кніжка ўжо разышлася, хаця стараўся і не гаварыць, што яна выйшла. Шкадавата аддаваць кнігу тым, хто яе не будзе чытаць. Але людзі неяк даведаліся аб выданні, і давялося пакрыху развітвацца з невялікім тыражом…
— Якія матэрыялы ўвайшлі ў кніжку?
— Усе, што сабраў, — з 1918 па 1940 гады. Гэта вытрымкі пра Бабруйск з газет, часопісаў, кніг, архіўных дакументаў, успамінаў вядомых людзей пра наш горад. Самае цяжкае ў працы над гэтай кнігай было тое, што розныя падзеі, даты падаваліся у камуністычным і савецкім друку па-рознаму. Сустракаліся і выпадкі, калі інфармацыя была проста непраўдзівай. Фотаматэрыялы ў кнізе — у асноўным з Бабруйскага краязнаўчага музея, бо якасць маіх здымкаў не вельмі высокая, хаця змешчаны і мае. Імкнуўся знаходзіць нейкія цікавыя факты, падзеі. Напрыклад, у 1922 годзе з 24 тысяч чалавек, працуючых на бабруйскіх прадпрыемствах і ва ўстановах, 11 тысяч, амаль палова, была занята на кіруючых пасадах. Сустракаюцца і рэдкія выпадкі. Так, пад Бабруйскам у 1918 годзе адбылося першае буйнейшае ў перыяд савецка-польскай вайны танкавае супрацьстаянне.
— Бабруйчане дзе-небудзь могуць пазнаёміцца з кнігай? І што ў вашых далейшых планах?
— Думаю, у адной-дзвюх бібліятэках яе можна будзе знайсці, бо тыраж, як я казаў невялікі. Што датычыць планаў, то заўтра павязу ў выдвецтва «Мастацкая літаратура» новую кнігу «Скарбы роднай зямлі» — яна ў выдавецкім плане на гэты год. І, магчыма, за свой кошт выдам «Паляванне ў беларускай літаратуры». Рукапіс ужо ёсць, і гэта будзе кніжачка старонак на 150.
Алесь УДОДАЎ. Фота Дзяніса СУДНІКА.
ТАКСАМА НА САЙЦЕ: