Бобруйская крепость вошла в список «семи чудес Беларуси», составленный посетителями сайта «Народной газеты» . Предлагаем вашему вниманию публикацию республиканской газеты о нашей крепости.
За два стагоддзі Бабруйская крэпасць паспела запісаць некалькі радкоў у сусветную гісторыю, перажыць войны, у мірны час прыйсці ў заняпад і, нарэшце... падрыхтавацца да другога нараджэння. Некалькі тыдняў таму Бабруйская крэпасць — адзін з сямі пераможцаў нашага праекта, увайшла ў зацверджаны Саветам Міністраў Беларусі “Пералік аб’ектаў рэстаўрацыі, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь”.
Непрыступны бастыён
Нават у руінах гэта збудаванне ўражвае сваёй масіўнасцю і магутнасцю. А на праекце кіраўніка будаўніцтва Бабруйскай крэпасці Карла Апермана цытадэль была шматкутнікам, самкнутым насыпным валам з боку Бярэзіны. Так яна выглядала ўжо праз два гады пасля пачатку будаўніцтва — у 1812 годзе.
На будоўлі працавалі тысячы прыгонных сялян і сотні вольных цесляроў ды муляраў. Цэглу вазілі аж з Карэліі і Каўказа. Папулярная да нашых дзён легенда сцвярджае, што ў будаўнічы раствор для трываласці ўбівалі курыныя яйкі. Супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея, аднак, гэтыя чуткі абвяргаюць, грунтуючыся на выніках даследавання цэглы ў хімічных лабараторыях і знойдзеных у архівах каштарысах будоўлі. Ды і дзе можна было сабраць такую колькасць яек? Збудаванні цытадэлі займалі 110—120 гектараў!
Толькі што ўзведзеная крэпасць прыняла баявое хрышчэнне.
Армія Напалеона з’явілася ў ваколіцах Бабруйска ў ліпені 1812 года. Гарнізон з 8 тысяч салдат добра падрыхтаваўся да абароны: боепрыпасаў павінна было хапіць на год, прадуктаў харчавання — на паўгода. З 30 тысяч французскіх ваякаў, якія знаходзіліся тым часам на тэрыторыі Беларусі, 12 тысяч стаялі каля сцен Бабруйскай цытадэлі. Праз 20 гадоў генерал-маёр А. Міхайлоўскі-Данілеўскі адзначыў: “Ніводная крэпасць Расіі не была такой карыснай, як Бабруйск, у 1812 годзе”.
Перспектывамі, якія адкрыла перад горадам крэпасць, вокамгненна скарысталіся прадпрымальныя яўрэі. Дагэтуль яны зараблялі на жыццё рамёствамі, гандлем ды здачай у арэнду, але гэтая дзейнасць ужо не прыносіла вялікіх прыбыткаў. Яўрэі хутка скемілі, што ваенным спатрэбяцца мундзіры, а пацыентам адкрытага на тэрыторыі крэпасці шпіталя — вата. У Бабруйску адна за адной адчыняліся майстэрні і фабрыкі. З часам праз Бабруйск была пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, пабудаваны цагляныя заводы, адкрыліся дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы...
Бабруйская крэпасць атрымалася не толькі грознай, але і прыгожай, амаль што горадам у горадзе. Усе шляхі да яе і ўнутраныя вуліцы цытадэлі былі брукаваныя, на гэтых вуліцах вечарамі запальваліся амаль дзве сотні ліхтароў. На тэрыторыі крэпасці былі батанічны сад, бульвар і сквер. На эспланадзе — тэрыторыі паміж крэпасцю і горадам — праводзіліся ваенныя парады і сезонныя кірмашы. У гарадскім садзе граў ваенны аркестр...
Нездарма цяпер кажуць, што знакаміты бабруйскі характар замешаны на трох складніках: шырокай славянскай душы, яўрэйскай прадпрымальнасці і афіцэрскай гатоўнасці пастаяць за сваю малую радзіму.
Змрочныя казематы
У 1820—1823 гадах у Бабруйскай цытадэлі служылі афіцэры, якія былі членамі тайных таварыстваў, арганізатарамі і кіраўнікамі дзекабрысцкага руху. Тут нараджаліся планы дзяржаўных пераваротаў, адзін з якіх вядомы гісторыкам як “Бабруйскі план”.
Меркавалася, што ў верасні 1823 года, калі імператар Аляксандр I прыедзе на агляд воінскіх часцей крэпасці, ён будзе арыштаваны і зняволены. Планавалася, што гэта стане сігналам да паўстання ў Маскве, Пецярбургу і іншых гарадах.
Пасля падаўлення паўстання на Сенацкай плошчы Бабруйская крэпасць стала палітычнай турмой, першымі вязнямі якой і сталі дзекабрысты — Апостал-Кергач, Рыбакоўскі, Тызенгаўзен, Бястужаў, Гвоздзеў... Замест славы цытадэлі крэпасць займела славу страшнага астрога. Нават Герцэн у Лондане выказаў сваё абурэнне жорсткімі ўмовамі крылатай фразай: “Няхай Сібір, няхай што заўгодна, але толькі не гэтая страшная турма на рацэ Бярэзіне”.
Падчас Першай сусветнай вайны крэпасці зноў наканавана было стаць вязніцай: там знаходзіўся польскі канцлагер для палонных чырвонаармейцаў, у гады Вялікай Айчыннай — нямецкі канцлагер. Гісторыкі сведчаць, што на тэрыторыі цытадэлі былі забітыя і замораныя голадам, памерлі ад інфекцыйных хвароб каля 40 тысяч савецкіх ваеннаслужачых і столькі ж мірных жыхароў. Толькі ў ноч на 7 лістапада 1941 года фашысты, справакаваўшы пажар у казармах крэпасці, расстралялі каля 7 тысяч палонных. Мёртвых скідалі проста ў роў. Пасля вайны на тэрыторыі крэпасці з’явіўся помнік ахвярам.
У мірны савецкі час у крэпасці таксама гаспадарылі ваенныя: у казармах жылі салдаты, на гаўптвахце адбывалі свае суткі парушальнікі дысцыпліны, афіцэрскі дом быў адведзены пад маласямейны інтэрнат для афіцэраў, а шпіталь прымаў на лячэнне пацыентаў. На жаль, у тыя часы ніхто не дбаў пра захаванне гістарычнай спадчыны, таму ў чырвоных мураваных будынках месціліся не толькі склады, але і падсобная гаспадарка — папросту кажучы, свінарнікі.
У пачатку 1990-х значная частка будынкаў крэпасці была сцёрта з твару зямлі, земляныя збудаванні пашкоджаны. А руіны, што захаваліся, чакалі нашчадкаў больш удзячных, якія пастараюцца зберагчы і аднавіць былую славу цытадэлі. На велізарнай пустцы ў 2008 годзе адчыніўся на той момант самы вялікі лядовы палац Беларусі — “Бабруйск-Арэна”. Ён адразу стаў любімым месцам сямейнага адпачынку жыхароў горада. Гэта быў першы крок на шляху другога нара-джэння Бабруйскай крэпасці.
Што застанецца пасля нас?
Калісьці ў крэпасці былі вуліцы — Грэнадзёрская, Артылерыйская, Кавалерыйская, Пяхотная... У савецкі час пра іх назвы ніхто не ўспамінаў. Сёння, згодна з рашэннем Бабруйскага гарвыканкама, на гарадской карце з’явіліся вуліцы Карла Апермана і Генерала Баграціёна, Карла Берга і Дзекабрыстаў , Кутаіскага Палка і Крапасны Вал...
“Узновім Бабруйскую крэпасць і захаваем для нашчадкаў” — такі заклік з’явіўся на сайце гарвыканкама напярэдадні 200-годдзя гістарычнага аб’екта. І гэта не пустыя словы: гарадскія ўлады выканалі велізарны аб’ём работы, прычым не толькі ў кабінетах.
Работнікі гарвыканкама на чале з мэрам Дзмітрыем Бонахавым разам з жыхарамі горада выходзілі на суботнікі, каб ачысціць ацалелыя збудаванні ад смецця. Суботнікі на карысць цытадэлі неаднойчы праводзілі члены РГА “Белая Русь”. Апошні адбыўся зусім нядаўна: 12 кастрычніка сіламі пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” ААТ “Белшына” была праведзена чарговая дабрачынная акцыя па навя-дзенні парадку ў мураваных будынках і сутарэннях. Цяпер сцішаная крэпасць чакае першага снегу, а яшчэ больш — вясны, калі пачнецца сапраўднае адраджэнне.
Распрацаваны па ініцыятыве гарвыканкама праект рэстаўрацыі Бабруйскай крэпасці прадугледжвае ператварэнне гістарычнага аб’екта ў гісторыка-культурны комплекс з некалькімі музеямі, офісам экскурсійнага бюро, сувенірнымі крамамі ды іншымі аб’ектамі турыстычнай інфраструктуры. Некалькі гадоў гэтыя добрыя намеры заставаліся на паперы з-за недахопу фінансавання: гарадскі бюджэт не пацягне ўсе выдаткі. Урэшце з Мінска прыйшла аптымістычная навіна: Бабруйская крэпасць увайшла ў пералік аб’ектаў рэстаўрацыі з арганізацыяй на яе базе турыстычнай інфраструктуры.
— Гэта будзе спартыўна-культурна-забаўляльны комплекс з жылымі кварталамі, — расказаў пра будучыню цытадэлі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва гарвыканкама Сяргей Ляонаў. — На тэрыторыі крэпасці і побач з ёй з’явяцца гасцініцы, кафэ, рэстараны, музей зброі, страйкбольны і пейнтбольны клубы, этнічная вёска, жылыя кварталы, дзіцячы сад са школай...
Рэканструкцыя Бабруйскай крэпасці пачнецца ў 2012 годзе. Пра тое, што ў бабруйчан усё атрымаецца, сведчыць і актыўнасць галасавання за крэпасць: месцічы лічаць яе адным з цудаў Беларусі і прыкладуць усе намаганні, каб іх крэпасць сапраўды здзіўляла і захапляла.
Некалькі малавядомых фактаў пра Бабруйскую крэпасць
Яна магла стаць Рагачоўскай
- Лёс Бабруйска як месца будаўніцтва адной з новых расійскіх крэпасцей вызначыўся вясной 1810 года.
- Камандзіраваным для агляду старых умацаванняў і выбару месцаў для новых на тэрыторыі заходніх ускраін Расійскай імперыі інжынерам рэкамендавалася звярнуць асаблівую ўвагу на гарады Дзінабург (цяпер Даўгаўпілс), Рагачоў і Быхаў.
- Пасля паездкі генерал-маёр Карл Аперман зрабіў іншую выснову: будаваць цытадэль варта ў Бабруйску на Бярэзіне, а не ў Рагачове на Дняпры. У Бабруйскай крэпасці ёсць “сястра” і равесніца — Дзінабургская крэпасць у Даўгаўпілсе.
Перажыла трынаццаць камендантаў
- Першым камендантам закладзенай у пачатку чэрвеня 1810 года па загаду Аляксандра I цытадэлі быў Карл Карлавіч Берг.
- Увогуле крэпасць перажыла трынаццаць камендантаў, сярод якіх сябар Пушкіна Міхаіл Іванавіч Пушчын. Апошнім кіраўніком быў Іван Карлавіч Бурзі (1 верасня 1892—1897). У 1897 годзе цытадэль страціла статус крэпасці.
Была і ёсць цэнтр духоўнасці
- Некалі на тэрыторыі крэпасці знаходзіўся сабор Аляксандра Неўскага, узарваны бязбожнікамі ў 1935 годзе.
- Не так даўно намаганнямі валанцёраў фундамент сабора быў расчышчаны, пачаліся работы па ўзнаўленні святыні. На тэрыторыі цытадэлі колькі гадоў таму з’явіўся таксама жаночы манастыр.
Больш не палохае “каменным мехам”
- Адно з памяшканняў крэпасці наводзіла жах на зняволеных: каменны карцар не даваў вязню выцягнуцца ў поўны рост або ўстаць, бачыць дзённае святло, мець з кім-небудзь зносіны.
- Каменны мех знаходзіўся ў адной з вежаў форта Фрыдрыха Вільгельма і быў разбураны разам з ёй.
Натхніла на стварэнне твораў мастацтва
- Самыя вядомыя жывапісныя палотны напісаны па загаду Мікалая I мастаком М. Залескім — “Від на крэпасць Бабруйск у 1811 годзе” і “Крэпасць і горад Бабруйск. 1812 год”.
- Падрабязную гісторыю будаўніцтва Бабруйскай крэпасці можна прачытаць у кнізе Наталлі Голубевай “На перепутье двух дорог”. У верасні бягучага года аўтар гэтага гістарычнага рамана была адзначана прэміяй імя Кандрата Крапівы.
- У розныя гады пра крэпасць пісалі Міхаіл Леў (дакументальная аўтабіяграфічная аповесць “Если бы не друзья мои...”), Віталь Галавач (творы для дзяцей “Васек — матросская душа” і “Заўтра настане”), аўтар дэтэктываў Віктар Дарэнка (“Золото рейха”)...
Калі крэпасць адродзіцца, Бабруйск стане цікавейшым для турыстаў
Старшыня Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый БОНАХАЎ:
— Гісторыя Бабруйскай крэпасці выходзіць за межы гарадской гісторыі. Яна звязана і з вайной 1812 года, і з паўстаннем дзекабрыстаў, якія ў гэтых сценах спачатку абмяркоўвалі планы паўстання, а потым адбывалі пакаранне, і абедзвюма сусветнымі войнамі...
Прымаючы рашэнне “адкопваць” крэпасць, я сказаў, што можна хадзіць і разважаць на гэты конт, а можна пачаць працаваць. Па-рознаму — і капаць лапатай, і займацца перапіскай, каб звярнуць увагу на праблему захавання гістарычнай спадчыны. Мы працуем.
Малодшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Іна Аўсейчык:
— Хацелася б, каб планы па стварэнні гісторыка-культурнага комплексу рэалізаваліся і ў нашым горадзе з’явілася гістарычна-культурная запаведная зона, з некалькімі музеямі, гарматамі на валах. Калі гэта спраўдзіцца, Бабруйск стане цікавейшым для турыстаў. Ну а мне, як супрацоўніцы музея, хацелася б, каб гэтую плынь наведвальнікаў сустракалі экскурсаводы-мужчыны, маладыя і сталыя, якія шчыра цікавяцца фартыфікацыяй і гісторыяй узбраенняў. Бо жанчыне цяжэй разбірацца ў гэтай тэматыцы.
К СВЕДЕНИЮ
Остальные 6 чудес Беларуси по мнению посетителей сайта «Народной газеты» — Беловежская пуща, Брестская крепость, костел в деревне Будслав, Мирский замок, озеро Нарочь, Софийский собор в Полоцке. Участие в интернет-голосовании приняли сотни тысяч посетителей сайта, в том числе из-за рубежа.