Захавальніцы народнай спадчыны (бел. яз.)

2400

«Майстар-клас» паказвае Анастасія Пятроўна Гайшун з Пятровіч.«Майстар-клас» паказвае Анастасія Пятроўна Гайшун з Пятровіч.

У сваiм прыгожым кутку — Марыя Рыгораўна Стэльмак з Бабіна.У сваiм прыгожым кутку — Марыя Рыгораўна Стэльмак з Бабіна.

Рудакова Надзея Іванаўна — цялушская майстрыца.Рудакова Надзея Іванаўна — цялушская майстрыца.

Супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея кожны год наладжваюць экспедыцыйныя паездкі па вёсках Бабруйскага раёна. Сёлета яны зрабiлi цiкавае падарожжа ў вёску Пятровічы.

Адыходзяць людзі, падзеі, рэчы мінулага. Цяперашняе пакаленне ўжо не ведае не толькі, як пралі і ткалі нашы прапрабабулі, але і якімі чарнільнымі ручкамі і пры дапамозе якіх спецыяльных чарнільніц пісалі іх бабулі і дзядулі, мамы і таты, што было, здаецца, яшчэ зусім нядаўна!

Таму супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея скрупулёзна збіраюць матэрыяльныя сведчанні мінулага. Сярод рэчаў, якія карыстаюцца асаблівай любоўю і павагай — прадметы этнаграфіі: прылады працы, адзенне, прадметы мэблі, посуд і кухоннае начынне, абрусы, посцілкі, ручнікі і інш.

З мэтай вывучэння гісторыі і развіцця ткацтва Бабруйскага раёна, выяўлення яго лакальных асаблівасцей і папаўнення фондаў гэтымі рэчамі супрацоўнікі музея кожны год наладжваюць экспедыцыйныя паездкі па вёсках Бабруйскага раёна. У мінулым годзе гэта былі вёскі Бабіна, Савічы, Цялуша, сёлета — вёска Пятровічы. У гэтых экспедыцыях удалося не толькі сабраць даматканыя ручнікі, посцілкі, не толькі удакладніць тэхніку іх вырабу, матэрыял, мясцовыя назвы, але і пазнаёміцца з цудоўнымі жанчынамі Бабруйшчыны — рукадзельніцамі і захавальніцамі народнай спадчыны. Гэта Рудакова Надзея Іванаўна, Давыдзенка Марыя Мікалаеўна, Ткач Галіна Фёдараўна з Цялушы; Аўрамчык Вера Дзмітрыеўна, Стэльмак Надзея Фёдараўна, Стэльмак Марыя Рыгораўна з Бабіна; Соф’я Фёдараўна Вавула з Савічаў, Гайшун Анастасія Пятроўна і Найдун Надзея Пятроўна з Пятровіч. Уражвае душэўная цеплыня і шчодрасць, дабрата і мудрасць гэтых простых жанчын, у якіх, як у кроплі вады, адбіваюцца духоўная прыгажосць і багацце нашага народа. Хочацца праз газету ад душы падзякаваць усім ім за радасць ад знаёмства, за падарункі краязнаўчаму музею.

І, карыстаючыся выпадкам, звяртаюся да ўсіх жыхароў горада і раёна з прапановай зрабіць падарунак музею. Напэўна шмат ў якіх хатах яшчэ ёсць старыя ручнікі, посцілкі, андаракі і інш., якімі зараз ужо ніхто не карыстаецца. Для краязнаўчага музея ўсё гэта ўяўляе несумненную цікавасць. Нельга дазволіць бясследна знікнуць сведчанням мінулага. Для будучых пакаленняў неабходна захаваць нашу культурную спадчыну, у якой жыве душа народа.

Бабруйскі краязнаўчы музей знаходзіцца на плошчы Перамогі. Прыходзьце да нас або тэлефануйце па тэл. 52-07-95, 52-27-31. Заўсёды чакаем вас!

Ларыса ЦІМАШЭНКА, супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея. Фото аўтара.