Запрашаем бабруйчанаў на выставу выцінанкі і «Жывыя размовы» пра правы чалавека

824
Дата проведения
Время проведения14.00 - 17.00

Мерапрыемства незвычайнага фармату адбудзецца 18 кастрычніка ў Бабруйску

Наведнікі змогуць атрымаць карысныя парады ці кансультацыі ад спецыялістаў па розных пытаннях праваабароны, а таксама забраць на памяць упадабаную паштоўку з выставы-«сушкі».
На «Жывыя размовы» ў Тайм-клубе «1387» збяруцца юрысты і праваабаронцы грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў, якія дзейнічаюць як на Магілёўшчыне, так і па ўсёй Беларусі.
Наведнікі змогуць непасрэдна паразмаўляць са спецыялістамі, якія працуюць з праблемамі дыскрымінацыі, прымусовай працы, парушэння правоў грамадзянаў у месцах несвабоды, доступу да правасуддзя, парушэння права на юрыдычную дапамогу, доступу да інфармацыі, свабоды асацыяцыяў, жорсткага абыходжання з жывёламі і па іншых пытаннях, а таксама ажыццяўляюць грамадзянскі кантроль за працай дзяржаўных органаў, займаюцца аналітычнай, адукацыйнай і асветніцкай дзейнасцю ў галіне правоў чалавека.
Гэта прадстаўнікі такіх арганізацый як Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Праваабарончы цэнтр «Ідэнтычнасць», Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, моладзевая прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» і Міжнародны праваабарончы рух у Беларусі.
У кожнага госця мерапрыемтсва будзе магчымасць атрымаць экспертныя парады ці кансультацыі наконт жыццёвых сітуацый, якія могуць падавацца невырашальнымі.
Падчас «Жывых размоваў» будзе працаваць выстава-«сушка» паштовак «Дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы» народнай мастачкі Вольгі Бабурынай, якая арыгінальным чынам увасобіла 30 артыкулаў Дэкларацыі, што распавядаюць пра агульначалавечыя каштоўнасці.
Чакаем вас у нядзелю, 18 кастрычніка, у Тайм-клубе «1387» па адрасе: г. Бабруйск, вул. Савецкая, 97-2. Мерапрыемства будзе праходзіць з 14.00 да 17.00 і пабудаванае такім чынам, што далучыцца можна ў любы момант. Таму калі не будзеце паспяваць да пачатку — усё адно прыходзьце! Уваход вольны.