Незвычайныя курсы беларускай мовы пачынаюць работу ў Бабруйску

725
Дата проведения с  по 

Курсы «Мова Нанова» будуць праходзіць у Бабруйску па пятніцах у тайм-клубе. Заняткі праходзяць у выглядзе нефармальнага дыялогу, арганізатары запрашаюць носьбітаў беларускай мовы, якія дэманструюць на сабе, што па-беларуску можна размаўляць на любую тэму.

Аб выніках папярэдяга сезону і планах на будучы распавяла арганізатарка і вядоўца курсаў Алеся Лацінская.

– Мінулы сезон быў насамрэч насычыны і плённы. У нас былі цікавыя госці. Мы ладзілі дэбаты з настаўнікам гісторыі Андрэем Лашкулем, віктарыну з Алесем Мазанікам, даведаліся пра некропалі ад краязнаўцы Віталя Федасеева, Зміцер Цярэнцьеў правёў для нас рок-экскурсію, а краязнаўца і педагог Людміла Дабравольская – вандроўку да Напалеона Орды. Аліна Высоцкая з краязнаўчага музея ў Віцебску расказала пра феномен сну ў беларускім фальклоры. І гэта нават не ўсё, што змясцілася ў мінулы сезон. У сярэднім заняткі наведвала каля 40 чалавек.

Па словах Алесі, мэта курсаў – выкладаць беларускую мову гуляючы. Яе калега Ірына Ласіхіна дадае, што на занятках няма ніякіх сумных школьных правілаў і тэм, і ўсё ўжо знаёмае падаецца ў новым, цікавым і займальным фармаце.

– Будзем старацца, каб у гэтым сезоне да нас прыязджалі не менш цікавыя госці, – кажа Алеся Лацінская. – Будуць таксама любімыя студэнтамі гульні і цікавыя заданні.

Курсы можа наведваць кожны, як школьнік, так і пенсіянер. Уваход вольны, наведвальнасць не правяраецца, калі зручна, тады і можна прыходзіць. Кожны студэнт на занятках можа праявіць сябе ў крэатыўных і граматычных заданнях і атрымаць памятныя падарункі.

Дзеля бабруйчан створаны суполкі ў сацыяльных сетках «Вконтакте» и Facebook, там можна ўбачыць фота і справаздачы, даведацца тэмы наступных заняткаў.

Першыя заняткі новага сезону адбудуцца ўжо на гэтым тыдні.

Дзе і калі: 21 верасня, а пасля кожную пятницу, у 18.00 у тайм-клубе «13:87» (вул. Чангарская, 54).

Колькі каштуе: бясплатна.