«Мова нанова»: другі сезон бясплатных курсаў беларускай мовы ў Бабруйску

4142
Ужо ў гэтым месяцы ў Бабруйску пачнецца другі сезон бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». З пачатку гэтага года курсы «Мова нанова», правядзеннем якіх займаюцца энтузіясты, прайшлі ўжо ў васьмі гарадах,

На занятках па вывучэнню беларускай мовы.На занятках па вывучэнню беларускай мовы.

Ужо ў гэтым месяцы ў Бабруйску пачнецца другі сезон бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». З пачатку гэтага года курсы «Мова нанова», правядзеннем якіх займаюцца энтузіясты, прайшлі ўжо ў васьмі гарадах, першым з якіх стаў Мінск. Праходзілі яны і ў Бабруйску, з сакавіка да мая.

Пра тое, што чакае тых, хто цікавіцца роднай мовай на бясплатных курсах, нам распавяла валанцёр Алеся Лацінская:

— Нашыя заняткі не нагадваюць школьныя. Яны больш лёгкія, вясёлыя — студэнты нават спяваюць і дэманстурюць акторскі талент!  Мэта курсаў — зрабіць так, каб беларусы нарэшце пачалі размаўляць на сваёй мове. Няхай і з памылкамі. Галоўнае, каб яны не саромеліся гэта рабіць, бо часта людзей спыняюць комплексы кшталту «я недастаткова добра валодаю мовай, таму не буду нават спрабаваць». Мы імкнемся выцягнуць нашых студэнтаў з гэтай моўнай шкарлупіны…

Першы сезон пачаўся ў сакавіку бягучага года і скончыўся ў маі. Правядзеннем заняткаў займалася сама Алеся Лацінская разам з вядомай бабруйскай настаўніцай беларуская мовы Вольгай Рудой. Па словах Алесі, паслухаць сваю настаўніцу прыходзілі нават яе былыя вучні.

— Цяжка сказаць, колькі людзей за гэты час наведала заняткі, — кажа Алеся Лацінская. — Нехта прыходзіў абсалютна на ўсе заняткі, нехта прыйшоў адзін раз. Адзначу, што на нашых курсах ніхто не адсочвае наведвальнасць, бо часам гэта спыняе людзей. Яны думаюць, што мы ледзь не прагулы ім у журнал ставім! Самая вялікая колькасць студэнтаў на адным з заняткаў склала каля 40 чалавек.  Мы стараліся праводзіць заняткі ў гульнявой форме. Бо нават дарослым патрэбны нейкія моўныя правілы, патрэбна запакаваць новыя словы ў яскравую абгортку, каб яны добра запомніліся. У новым сезоне чакаецца шмат цікавых гасцей, музыкаў і пісьменнікаў. Пакуль не буду адкрываць усе імёны, але скажу, што на першыя заняткі да нас завітае музыка і журналіст Яўген Валошын…

Першы занятак у рамках другога сезону бясплатных курсаў адбудзецца 19 верасня. Тэма, дакладны час і месца правядзення занятку будуць размешчаныя на сайце movananova.by.

Аляксандр КУПЦЭВІЧ, фота аўтара.