Апошні герой з вёскі Завалочыцы

3683
Аляксандр КАЗАК. Фота з архіва аўтара.
У сярэдзіне 1990-х пошукі крэатыва з эксклюзівам прывялі мяне, уласнага карэспандэнта «Магілёўскіх ведамасцей», у вёску Завалочыцы на Глушчыне. Вядомая яна была тым, што тут добра захаваўся памешчыцкі дом і іншыя, як тады казалі, «панскія» пабудовы. Галоўнай жа славутасцю сярод іх быў, безумоўна, спіртзавод, які дзейнічаў тут з канца XIX стагоддзя. І ён быў запасным варыянтам, калі нічога цікавейшага адшукаць не давялося б.

Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак.Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак.

У той жа дзень я мэтанакіравана ішоў да Ульяна Аляксандравіча Рыбака — Героя Савецкага Саюза, амаль ці не апошняга жыўшага на Магілёўшчыне, каб паспець напісаць аб яго ўспрыманні сучаснага свету, які мяняўся на вачах.

Зграбная Рыбакова хата з чырвонай зорачкай на тарцы вянковага бервяна стаяла акурат ля шашы Бабруйск — Слуцк, па якой я і прыехаў. Сустрэў мяне на здзіўленне спартыўнага выгляду, як пішуць, калі бачаць высокага, без жывата і рухавага  чалавека, мужык. Цэпкім позіркам агледзеў  і запрасіў у дом, прапусціўшы ў сенцах наперад.

Пакуль я перамінаўся з нагі на нагу ў прасторнай зале, ён абышоў стол, сеў на стул і запрасіў сядаць госця. Я расчахліў дыктафон, прывёў у баявую гатоўнасць ручку з блакнотам. І пацякла гаворка. Напэўна, прывучаны і навучаны шматлікімі маімі калегамі, былы разведчык літаральна дакладваў сваю баявую біяграфію: «З ліпеня сорак першага года ваяваў на Ленінградскім, Варонежскім, Цэнтральным, Першым і Другім  Украінскіх франтах…».

Быццам палажэнні статуту гарнізоннай службы пералічваў былы старшына месцы дыслакацыі, нумары вайсковых часцей, прозвішчы камандзіраў. Прызнацца, анкетная інфармацыя не вельмі  вабіла.Час тады быў такі, што ў газетах патрабавалася нейкая «бомба», сенсацыя, якая магла б разварушыць чытацкую цікаўнасць. Ульян Аляксандравіч жа працягваў завучаны, як для піянерскіх збораў, аповед: «Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі. Вярнуўся на радзіму. Працаваў у калгасе, на заводзе …».

«Ну вось, і Герой не абмінуў мясцовую славутасць, — падумаў я. — Зараз гамонка пра заробкі, аб”ёмы вытворчасці  і якасць прадукцыі пойдзе», — не спадзеючыся на нейкую разынку, сумна разважаў. А праз імгненне наважыўся на правакацыю супраць удзельніка вайны. Тым больш, што за вокнамі хаты не давала аб сабе забыць шаша.

— Ульян Аляксандравіч, жывяце вы пры дарозе, на доме зорачка прымацавана, ды і ўвогуле хто не ведае пра вашы высокія ўзнагароды! Не баіцёся, што ліхаімцы, не давядзі гасподзь, завітаюць?

Адразу нічога не адказаў ветэран. Мне нават няёмка стала. Я адключыў дыктафон, пачаў быццам перастаўляць касету, не падымаючы галавы. Як раптам паміж сваім носам і рукамі ўбачыў рулю паляўнічага ружжа. І быццам за кадрам «баевіка», што гэтак неспадзявана атрымаўся, пачуў спакойны, як дыктарскі, голас:

— Не баюся, сынок. Нічога я ўжо не баюся…

Я быў у захапленні! Вось гэта клас: амаль васьмідзесяцігадовы дзядуля паказвае трукі, дастойныя пяра таго ж Багамолава, што апісаныя ў яго кнізе «У жніўні сорак чацвёртага». Вось гэта спрыт: адкуль і як ён выхапіў зброю? Толькі прыгледзеўшыся, ацаніў узровень аператыўна-тактычнага мыслення субяседніка. Па-першае, за тумбачкай з тэлевізарам злева магло быць схавана не адно ружжо. Па-другое, у вакно справа гаспадар бачыў веснічкі ў двор, а за маёй спінай — дзверы ў залу. Акрамя таго, пад правай яго рукой як бы выпадкова ляжалі шавецкія нажніцы.

- Разумееш, я за вайну пад шэсць дзясяткаў «языкоў» узяў і даставіў жывымі — казалі, што гэта быў другі паказчык ва ўсёй Чырвонай арміі. А колькі не ўдалося жывымі… Дык калі я яшчэ некалькі ворагаў абясшкоджу, напэўна, давяду лік да лепшага выніку. Але ж гэта — зноў вайна. А мы жывём у мірнай Беларусі. Таму няхай лепш людзі ў краму едуць і бібікаюць, як гэта ў святы здараецца, маёй звёздачцы, — як запавет пакінуў нам Ульян Аляксандравіч Рыбак.