«Соль» зямлі бабруйскай збірае краязнаўчы музей

2309
Адным з найбольш цікавых напрамкаў дзейнасці Бабруйскага краязнаўчага музея з’яўляюцца этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках Бабруйскага раёна.

Каваленка Алімпіяда Савельеўна з унукам каля ступы.Каваленка Алімпіяда Савельеўна з унукам каля ступы.

Нават распрацавана цэлая праграма «Мінулае — лепшы падарунак сучаснаму». Матэрыяльныя сведчанні мінулага — прылады працы, адзенне, прадметы мэблі, посуд і кухоннае начынне, абрусы, посцілкі, ручнікі і інш. — ўяўлюць несумненную цікавасць і для музея, і для цяперашняга, і для будучых пакаленняў, бо гэта ж наша культурная спадчына, у якой жыве душа народа.

Гайшун Анастасія Пятроўна.Гайшун Анастасія Пятроўна.

З кожным годам усё больш складана адшукаць тое, што яшчэ збераглося, рэчы паціху адыходзяць у нябыт. А калі ўсё ж такі здараецца нешта набыць для музея, гэта заўсёды вялікая радасць і ўдзячнасць тым людзям, што захавалі прадметы народнай культуры і шчодра падзяліліся імі. Аб гэтых экспедыцыях, набытых прадметах у розныя часы супрацоўнікі музея ўжо не раз расказвалі праз гарадскія газеты. Самі прадметы можна цяпер убачыць у экспазіцыі або на выстаўках Бабруйскага краязнаўчага музея. Але па-за ўвагай наведвальнікаў музея і чытачоў газет застаюцца нематэрыяльныя набыткі такіх творчых экспедыцый. Гэта і мясцовыя асаблівасці вырабу розных гаспадарчых рэчаў, тканіны, ежы, гэта і сямейныя і каляндарныя абрады, нарэшце, гэта і самі людзі, светлыя і добрыя, шчодрыя і таленавітыя, пра якіх шчыра можна сказаць: «соль зямлі». Немагчыма расказаць пра ўсё на сайце, але ж вось самыя яркія сведчанні кемлівасці, гумару, густу нашага народа (глядзі ніжэй).

Калеснікава Зіновія Сямёнаўна.Калеснікава Зіновія Сямёнаўна.

Калеснікава Зіновія Сямёнаўна.

Хочацца яшчэ раз выказаць сардэчную падзяку усім нашым дарыльшчыкам, пажадаць ім моцнага здароўя, радасці ў кожным дне. А таксама, карыстуючыся выпадкам, звяртаюся да ўсіх жыхароў горада і раёна з прапановай зрабіць падарунак музею, які знаходзіцца ў раёне  плошчы Перамогі. Прыходзьце да нас або тэлефануйце па тэл. 72-14-00 або 72-10-35. Заўсёды чакаем вас!

Рыбакова Акіліна Лявонаўна.Рыбакова Акіліна Лявонаўна.

Ларыса ЦІМАШЭНКА,
навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея.
Фота аўтара.


Прыпеўкі ад Анастасіі Пятроўны Гайшун
(в. Пятровічы)

Паставілі кросны —
Няма каму ткаць,
Няма нашай матулі,
Каб нас навучаць.
А наша матуля
Красенцы ткала
І нас, малышыкаў,
Усю ноч калыхала.
Спіце вы, дзеткі,
Пара вам спаць,
А мне пара ісці
Кросны ткаць
І вам халшчовыя
Кашулькі ўшываць.
Насіце вы, дзеткі,
Гэтыя кашулькі,
Каб не балелі
Ні спінка, ні грудкі.
Ой, кудзелька мая,
Ой, мая кудзелька,
Шэсць дзён папраду,
А сёмы — нядзелька.

Рэцэпт бульбяшнікаў з крапачом ад Алімпіяды Савельеўны Каваленка (в. Станы)

Спачатку трэба адварыць бульбу ў мундзірах, з яшчэ цёплай зняць лупіну і пратаўчы ў вялікай драўлянай ступе хвілін 40, а то і гадзіну. Потым масу раскочвалі і наразалі кружочкамі, наверх клалі крапач (начынне з варанага проса, капусты, тварагу). Вымяталі хваёвымі галінкамі печ. Бульбяшнікі клалі прама на чысты под печы. Яны румяніліся з двух бакоў. Потым смажылі сала і, падаючы на стол, тлушчам з салам палівалі бульбяшнікі.

Вясельная быль ад Рыбаковай Акіліны Лявонаўны і Калеснікавай Зіновіі Сямёнаўны
(в. Багушоўка)

«А было гэта яшчэ да вайны, у вёсцы Багушоўцы. Жылі там добры і заможны юнак Ігнат і прыгожая працавітая дзяўчына Таццянка. Вельмі кахалі яны адзін аднаго. Але Таццяна была сіратой. Бацькі Ігната прыгледзілі для яго зусім іншую нявесту, таксама багатую, якую і вырашылі яму пасватаць. Ну вось што б вы зрабілі ў такім выпадку? Каб і свайго дамагчыся, і бацькам не пярэчыць? Ігнат сказаў сваёй любай Таццянцы, каб яна не сумавала і не звяртала ўвагі на гэтае сватанне, бо ён ўсё роўна будзе толькі з ёю. У прызначаны час дзядзька Ігната, які выступаў у якасці свата, і сам Ігнат як належыць прыйшлі да багатай нявесты ў сваты. Зразумела, тут жа і пачастунак на стол паставілі. Чыніцца бяседа, а Ігнат тым часам бярэ блінок, робіць у ім дзірачкі для вачэй і для рота, ды і кладзе гэтую маску сабе на твар, а потым, гледзячы на дзяўчыну, кажа: «Ку-ку…». Зразумела, што такога дурнога жаніха ніхто не захацеў, і паехалі Ігнат з дзядзькам дамоў ні з чым. Але бацькі Ігната не супакоіліся і вырашылі сватаць нявесту ў іншай вёсцы, дзе пра дурную выхадку сына ніхто не ведае. Дзядзька ўсяляк навучае Ігната: «Ты ж толькі глядзі, не кажы дурніц, а скажы што-небудзь прыгожае, круглае, як абруч». Добра, зноў сядзяць за сталом бацькі дзяўчыны, дзядзька, размаўляюць, а Ігнат раптам як ускрыкне: «Дзядзька, а памятаеш, як мы сена касілі на паплавах? Якую мы там бачылі вялізарную карову, а якія ў яе вялікія цыцкі, ну як збаны!» Пасля таго пайшла па вёсках пра Ігната гаворка, што ён зусім дурны, і ўжо ніхто не хацеў за яго аддаваць сваіх дачок. Тады бацькам Ігната нічога не заставалася, як згадзіцца на шлюб сына з сіратой Таццянай, якая працавала настаўніцай. Дагэтуль жыхары вёсак Багушоўка, Барсукі памятаюць пра гэту цудоўную пару, пра іх вялікае і светлае каханне, ад якога і іншым людзям рабілася святлей».